Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы «Рэспубліка Беларусь».
Выява Дзяржаўнага герба размяшчаецца на будынках органаў улады і шэрагу дзяржаўных устаноў, унутры службовых кабінетаў іх кіраўнікоў, а таксама на пячатках гэтых органаў, на манетах, пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь. У адрозненне ад Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўны герб мае больш афіцыйнае значэнне, таму не прадугледжваецца магчымасць яго свабоднага выкарыстання грамадзянамі. У прыватнасці, забараняецца яго размяшчэнне на візітных картках асоб, якія не з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі.
Пры адначасовым размяшчэнні Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і герба адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі або тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца з левага боку ад іншага герба, калі стаць тварам да іх. Пры адначасовым размяшчэнні няцотнай колькасці гербаў Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца ў цэнтры, а пры размяшчэнні цотнай колькасці гербаў (больш за два) – злева ад цэнтра.
Больш падрабязна з тым, дзе можа размяшчацца Дзяржаўны герб, і існуючымі абмежаваннямі можна азнаёміцца ў главе 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. №301-З «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь».