Обратная связь
«Мышка, мышка, дзе была?»

— Мышка, мышка, дзе была?
— Далёка.
— Што рабіла?
— Кросны ткала.
— А што заткала?
— Кусок сала.
— А дзе падзела?
— Мышка з’ела.
— А дзе тая мышка?
— У норку паляцела.

«Кукарэку, певунок»

«Кукарэку, певунок», беларуская народная песенька (ад трох да чатырох гадоў)

Кукарэку, певунок,
Залаценькі чубок,
Пад паветачку пайшоў,
Курку-рабку там знайшоў.
Пачаў курку пытаць,
Ці ўмее чытаць.
— Не чытаю, не пішу,
Толькі яйкі нясу.
Што дзень дзецям нашу
Аж па цэламу кашу.

«Жыў-быу вожык»

Брыль Янка, «Жыў-быу вожык», творы беларускiх письменнiкаў (ад чатырох да пяцi гадоў)

Нашага вожыка тата злавіў у лесе і прынёс у кішэні дахаты. Спечатку вожык ляжаў, як клубок. Як паклалі яго ў кутку, пад маім ложкам, так ён і ляжаў. Я наліў яму ў сподачак малака. А вожыку хоць бы што. Тады я лёг побач з ім на падлозе і пачаў назіраць.

На дварэ змяркалася, і пад ложкам рабілася цёмна.
— Дурненькі ты, — сказала мама. — Ты яго толькі не чапай, ён і сам малако тваё знойдзе.

I праўда, толькі я лёг у ложак і ў хаце зрабілася ціха, як у куточку нешта ціхенька заварушылася. Заварушылася і пачало вось гэтак чмыхаць:
—Ту-ту-ту-пых!Ту-ту-ту-пых!

А потым па дошках падлогі за тупацелі маленькія мяккія ножкі.

— А што, не гаварыла я, — сказала мама. — Не палохайце яго, дык ён і малако пачне хлябтаць.

I праўда, мы памаўчалі, і неўзабаве пачулася, шт онехта маленькі хлебча. Не так, як кот, а так, як парасяты, — плямкае. Вожык тупацеў усю ноч, і за гэта мы пачалі называць Яго Тупцікам. А за тое, што ён перастаў нас баяцца, я ніколі не забываўся даваць яму есці.

Але не было з кім Тупціку пасябраваць. I стала яму сумна ад гэтага. Кааб развесяліць вожыка, я зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў на падлозе. А вожык падышоў да люстэрка, наставіў лычык, паглядзеў і надзьмуўся, кааб настрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яры разам зрабілі: —Пых!

Мы засмяяліся — і тата, і я, а Тупцік паглядзеў, асцярожненька дакрануўся лычыкам да шкла і як бьщцам усё зразумеў. Адышоўся і больш не глядзеў у люстэрка.

I мы занеслі Тупціка ў агарод. Яму цяпер весела, добра на волі.

«Лёгкі хлеб»
«Лёгкі хлеб»,

беларуская народная казка (ад пяцi да шасцi гадоў)

Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці. Выходзіць з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есць. Падышоў да яго воўк:

— Ты што ясі, чадавеча?

— Хлеб, — адказвае касец.

— А смачны ён?

— Дзіва што смачны!

— Дай мне пакаштаваць.

— Калі ласка!

Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку. Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа:

— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есці, але дзе яго даставаць? Парай, чалавеча!
— Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць!

I пачаў ён вучыць ваўка:

— Перш-наперш трэба зямлю ўзараць…

— Тады і хлеб будзе?

— Не, браце, пачакай. Потым трэба забаранаваць…

— I можна хлеб есці? — замахаў воўк хвастом.

— Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць…

— Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк.

— Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым спець…

— Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер-то ўжо я наемся хлеба уволю!
— Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку спелее жыта трэба зжаць, потым у снапы звязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток…

— I есці хлеб буду?

— Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяшкі сабраць, мяшкі ў млын завезці ды мукі намалоць…

— I ўсё?

— Не, не ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць.

— I спячэцца хлеб?

— Але, спячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку.
Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа:

— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй ежу здабываць.

— Ну што ж, — кажа касец, — калі не хочаш цяжкі хлеб есці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца. Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня:

— Конь, конь! Я цябе з’ем.

— Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх.

— I то праўда, — згадзіўся воўк. Нагнуўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы… Перакуліўся воўк ды ходу. Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. «Ці не з’есці мне іх?» — думае. Потым і кажа:

— Гусі, гусі! Я вас з’ем.

— Што ж, — адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад смерцю.

— Якую? — пытаецца воўк.

— Паспявай нам, а мы паслухаем.

— Гэта можна. Спяваць я мастак.

Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыламі — мах, мах! Узняліся і паляцелі. Злез воўк з купіны, правёў гусей вачамі пайшоў далей ні з чым.
Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: «Ці ж не дурань я, га? Навошта я згадзіўся спяваць гусям? Ну, цяпер, каго ні сустрэну — з’ем!»

Толькі ён так падумаў, бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух спіць. Нагледзеў воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа:

— Баран, баран, я цябе з’ем.

— Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб не мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот.

— Дзякуй за параду, — сказаў воўк. Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка.

Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае:

— Цікава: з’еў я яго ці не?

А тым часам касец скончыў работу і ідзе дахаты. Пачуў ён ваўковы словы і кажа:

— З’есці не з’еў, але паспытаў лёгкага хлеба.

Написать комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *